Беларуская салідарнасць
Як спрасціць легалізацыю беларусаў у Польшчы
02.11.2026
Тэорыю і практыку інтэграцыі беларусаў у польскае і, шырэй, еўрапейскае паўсядзённае жыццё абмеркавалі на Польска-беларускім форуме грамадзянскай супольнасці, зладжаным 29 кастрычніка ў Варшаве.
Дыскусія з удзелам беларускіх і польскіх недзяржаўных арганізацый адштурхоўвалася ад польскага дакумента падарожжа (polski dokument podróży) і ішла шырэй — да тэмы палітычнага прадстаўніцтва беларусаў у краінах Еўразвязу.

Ініцыятары сустрэчы: «Рух беларускай салідарнасці», Беларуская нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, Арганізацыя еўрапейскай экспертызы і камунікацыі. Удзельнікі прадстаўлялі арганізацыі ды ініцыятывы, звязаныя з дапамогай рэпрэсаваным, прадстаўніцтвам беларусаў у Польшчы, экалагічнымі і агульнаграмадскімі праектамі.
Па дакуменце падарожжа была зробленая прапанова да польскіх уладаў: можна пайсці шляхам візавых цэнтраў у Беларусі. Калісьці польскія ўлады звярнуліся па супрацу з камерцыйнымі структурамі, каб разгрузіць консульствы і паскорыць выдачу віз беларусам. Падобныя крокі можна зрабіць цяпер унутры Польшчы ў справе апрацоўкі дадзеных дакументаў беларусаў.
Удзельнікаў форуму вітала віцэ-спікерка Сенату польскага парламента Магдалена Беят (Magdalena Biejat):
«Тут сустракаемся ў складаны час для ўсяго свету. Час вайны ва Украіне, час гуманітарных крызісаў. У Польшчы пачалі кіраваць правілы палітычнай палярызацыі.
Магдалена Беят (Magdalena Biejat)
Я перакананая, што Польшча мусіць падтрымліваць беларускае дэмакратычнае грамадства. Гэта адна з тэм, якую шмат гадоў падзяляем: ад левых і лібералаў да правых. Кожны польскі ўрад падтрымлівае беларусаў у іх праве на дэмакратыю, свабоду і незалежнасць.

Кожны разумее, што вольная Беларусь ляжыць у сферы інтарэсаў Польшчы і Еўропы. Але дэмакратыя не робіцца выключна праз намаганні палітыкаў. Дэмакратыю перадусім будуюць людзі, якія дапамагаюць адзін аднаму і бяруць на сябе адказнасць.

Спадзяюся, гэты форум — не толькі размовы. Зычу спадарству канкрэтных вынікаў».
У размове з «Беларускай салідарнасцю» пані Беят адзначыла, што мае намер правесці кансультацыі з прадстаўнікамі польскага Міністэрства ўнутраных спраў па тэме спрашчэння атрымання і падаўжэння тэрміну дзеяння польскага дакумента падарожжа, а таксама павышэння ягонага прававога статусу.
Элада Гукасава, старшыня Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы:
«Так ці інакш кожны беларус у Польшчы сутыкаецца з дакументамі для легалізацыі: відам на жыхарства, праязнымі дакументамі, банкаўскімі рахункамі. У гэтай сферы ўжо працуе шмат арганізацый, ініцыятываў і проста актыўных людзей. Калі мы не будзем дубляваць адзін аднаго, аб'яднаем нашыя намаганні, вынік будзе значна большым.

Важна, каб беларускія і польскія арганізацыі працавалі разам. У тым ліку ў тэме дыскрымінацыі і ксенафобіі».
Элада Гукасава
Віталь Рымашэўскі, старшыня Руху Беларускай Салідарнасці:
«Важна, што мы выступаем супольна з польскімі арганізацыямі, якія разумеюць праблему. Хоць мы не маем польскага грамадзянства, але па факце беларусы тут, у Польшчы, жывуць ужо шмат гадоў. У кожнай краіне палітыкі ўразлівыя да таго, што кажуць ім грамадзяне.

Па сутнасці, праблемы беларусаў з легалізацыяй — гэта праблема для польскай дзяржавы. Выкіданне людзей на ценявы рынак працы. На два і болей гады — такая сітуацыя стварае напругу ў польскім грамадстве праз непрадказальнасць дзеянняў людзей, блізкіх да адчаю».
Віталь Рымашэўскі
Зміцер Кухлей, выканаўчы дырэктар Інстытута развіцця і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе (IDSMBEE):
«Нягледзячы на вялікую колькасць ініцыятываў па вырашэнні праблем з легалізацыяй беларусаў, патрэбнае сістэмнае вырашэнне. Тут, на форуме, сабраліся прадстаўнікі арганізацый, якія маюць досвед вырашэння праблем».
Зміцер Кухлей
На форуме выступалі Аляксандр Кавалевіч, юрыст прававой службы «Беларускай салідарнасці»; Валянцін Карэеў з Гданьска, прадстаўнік арганізацыі «Tu żyjemy» («Тут жывём»), які падзяліўся падрабязнасцямі мабілізацыйнай кампаніі па вырашэнні праблемы вялікай затрымкі выдачы відаў на жыхарства, у тым ліку ў супрацы з арганізацыяй; Юлія Люзіна з арганізацыі «Вольныя».
Аляксандр Кавалевіч, Юлія Люзіна, Валянцін Карэеў
На канферэнцыі гучалі прапановы разглядаць тэму легалізацыі беларусаў праз права Еўразвязу. Бо нацыянальныя заканадаўствы краін — удзельніц ЕЗ не могуць супярэчыць агульнаеўрапейскаму заканадаўству.
На канферэнцыі брала слова Ева Галушка (Ewa Hałuszko), дысідэнтка, удзельніца антыкамуністычнага падполля часоў камуністычнай Польшчы, якая мае беларускія карані з Беласточчыны. Пані Ева Галушка заклікала беларусаў — палітычных эмігрантаў — «менш распавядаць пра свае траўмы, а рабіць акцэнт на сваім змаганні». Каб польскаму грамадству было зразумела, што яно падтрымлівае тых, хто змагаецца. «Ніводзін польскі палітык не зможа сказаць слова супраць», — падсумавала пані Ева Галушка.
На сустрэчы гучала ідэя аддаць апрацоўку дадзеных людзей у прыватныя рукі. Так адбылося з візавымі цэнтрамі ў Беларусі, калі ўлады абмежавалі колькасць консульскіх работнікаў. Тады польская дзяржава звярнулася да турыстычных цэнтраў. Падобныя захады прапануецца зрабіць унутры Польшчы для заяўнікаў на рознага кшталту дакументы: міжнародную ахову, віды на жыхарства, а таксама падарожныя дакументы.
Прафесар сацыялогіі Андрэй Вардамацкі прапанаваў ідэю аплаты працы работнікаў, якія займаюцца легалізацыяй беларусаў. «Аргумент, што няма сродкаў, можна аспрэчыць беларускімі складкамі на працу работнікаў».
Андрэй Вардамацкі
Віталь Рымашэўскі падкрэсліў еўрапейскасць беларусаў: «Важна заставацца беларусамі ў Еўропе. Развіваць сваю беларускасць. У нас ёсць нацыянальная меншасць у Польшчы — меншасць большае».
Гаворка пра карэнных беларусаў Польшчы на Беласточчыне, якія заканадаўча маюць статус этнічнай меншасці. Таксама ў Польшчы існуе юрыдычнае паняцце «беларускай культурнай аўтаноміі». Дастаткова быць рэзідэнтам Польшчы і прызнаваць сябе беларусам, каб выступаць ад імя беларусаў Еўразвязу.

Пра суб'ектнасць беларусаў у Еўропе прамаўлялі розныя выступоўцы. Мова вядзецца пра тое, што беларусы ад стану тых, хто просіць, мусяць пераходзіць да рыторыкі патрабавання выканання права.
Уладзімір Зуеў, нацыянальны каардынатар БНП у Форуме грамадзянскай супольнасці Ўсходняга партнёрства, нагадаў пра «ген еўрапейскасці беларусаў» і заклікаў новаствораныя беларусамі недзяржаўныя арганізацыі Польшчы далучацца да агульнаеўрапейскіх сетак. Не адчуваць сябе асобна ад агульнаеўрапейскіх працэсаў.
Уладзімір Зуеў
Соф'я Савелава, экспертка ў камунікацыі, заклікала беларусаў за мяжой умець распавядаць пра свае поспехі.
Соф'я Савелава

Так супала, што на наступны дзень пасля форуму прыйшла навіна ад польскага банка Millennium, які заявіў пра прызнанне польскага дакумента падарожжа заменнікам нацыянальнага пашпарта ў сваіх паслугах. Важная падзея для беларусаў, якія не могуць атрымаць новыя пашпарты праз пераслед у сябе на радзіме.
Глядзіце таксама