Беларуская салідарнасць
Беларускі кінакрытык далучыўся да кампаніі за паскарэнне легалізацыі
04.11.2026
Тарас Тарналіцкі журналіст, кінааглядальнік, удзельнік рэвалюцыйных падзеяў у Беларусі ў 2020 годзе, вымушаны эмігрант.
Тарас ўжо больш за год чакае рашэння аб атрыманні польскага грамадзянства. Ён падпісаў зварот у межах кампаніі па вырашэнні праблем легалізацыі беларусаў. Тарас таксама збіраецца далучыцца да мітынгаў за паскарэнне разгляду спраў замежнікаў, якія плануюцца цягам бліжэйшага часу.
«Гэта не толькі мая праблема, гэта калектыўная праблема, і калектыўным чынам яе можна выправіць», — тлумачыць ён.
Увосень 2022 года беларус пераехаў у Польшчу з картай паляка. Ужо ў траўні 2023-га атрымаў сталы від на жыхарства. Здавалася, з дакументамі ўсё будзе проста.

Але вяртацца ў Беларусь стала яшчэ больш небяспечна. Каб гарантаваць сабе стабільную будучыню, у кастрычніку 2025 года ён падаў заяву на польскае грамадзянства.

Прайшоў год. За разгляд заявы — 1000 злотых (каля 250 еўра). Вынік — толькі рэгістрацыя справы і прысвоены нумар.

Тарас Тарналіцкі накіраваў афіцыйны запыт праз e-Doręczenia (электронная служба зварот у дзяржаўныя установы ў Польшчы). Хацеў даведацца, чаму справа не рухаецца. Адказу на момант яго расповеду не атрымаў.
«Я разумею ўсю сітуацыю, у якой апынулася польская дзяржава», — кажа беларус. Але ён не разумее, чаму пры істотным павелічэнні дзяржаўных збораў тэрміны разгляду заяў застаюцца такімі доўгімі.
Акрамя падтрымкі кампаніі “У падтрымку змен па праязных дакументах (PDPC), банкаўскіх паслугах і тэрмінах разгляду спраў”, беларус плануе асабіста звяртацца ў польскі ўрад па тлумачэнні і далучыцца да чарговага мітынгу, які рыхтуюць беларускія актывісты разам з іншымі замежнікамі.

«Ужо год прайшоў, чакаць няма чаго, трэба неяк дзейнічаць».

Папярэднія мітынгі гэтай ініцыятывы прайшлі ў Варшаве, Гданьску, Лодзі і іншых гарадах. Наступны арганізатары плануюць правесці ва ўрадавым квартале ў Варшаве.
Глядзіце таксама