Палягчаем жыцце
беларусаў за мяжой

Цяжарнасць у Польшчы

Як праходзіць цяжарнасць і роды для іншаземак
Падрыхтоўка да родаў
У Польшчы дзейнічаюць Стандарты перынатальнага суправаджэння, азнаёміцца з якімі можна па спасылцы. Тут апісаны стандарты вядзення цяжарнасці і догляду за нованароджаным. Азнаёміўшыся з імі вы будзеце ведаць, што можа атрымаць цяжарная жанчына ў Польшчы, якімі правамі яна валодае, якія даследаванні і працэдуры яна павінна прайсці.

Пры наяўнасці дзяржаўнай страхоўкі вядзенне цяжарнасці і роды ў Польшчы бясплатныя (калі працуе муж, ён можа дадаць непрацуючую жонку ў свой ZUS — ў такім выпадку роды для яе таксама будуць бясплатныя). Платнае вядзенне цяжарнасці і роды ў сярэднім каштуюць каля 10 000 злотых.

Жанчыны могуць нараджаць дома, але ўсе выдаткі прыйдзецца пакрываць самастойна. Таксама на родах можа прысутнічаць блізкі чалавек (мама, сяброўка, муж/партнёр і г.д.).

У будучай мамы ёсць права выбраць радзільню і лекара. Азнаёміцца з водгукамі аб радзільнях можна па спасылцы. У карце пацыента можна будзе пакінуць пажаданні да лекара (напрыклад, каб роды вяла і прымала жанчына), а лекара з веданнем рускай/англійскай мовы можна знайсці на сайце Znany Lekarz.
Дакументы і дапамога
Дакументы для назірання ў прыватнай клініцы варта ўдакладніць непасрэдна ў гэтай клінікі. Для дзяржаўнай установы спатрэбяцца пашпарт з дакументам, які будзе пацвярджаць легальнасць знаходжання на тэрыторыі Польшчы (віза/ВНЖ), медыцынскую карту, нумар PESEL, усе вынікі абследаванняў, якія тычацца цяжарнасці, нумар NIP працадаўцы.

Калі ўмовы працы пагражаюць цяжарнасці ці стан здароўя жанчыны патрабуе адмовы ад працы, можна атрымаць бальнічны на 9 месяцаў (дапамога па часовай непрацаздольнасці складзе 100% месячнага заробка).

У Польшчы ёсць магчымасць атрымаць аднаразовую дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці і дэкрэтныя выплаты для беспрацоўных.
Роды і выпіска
Што тычыцца саміх родаў - хуткая дапамога цяжарных ў радзільню не адвозіць, гэтае пытанне жанчына павінна вырашыць самастойна і/або з блізкімі.

Радзільня забяспечыць маму і дзіцяці ўсім неабходным (акрамя адзення). Мінімальны тэрмін знаходжання ў палаце пасля родаў - 50 гадзін, у выпадку неабходнасці яго могуць павялічыць. У канцы мама атрымае "Акт выпіскі" і медыцынскую карту для малыша.

Беларускі адзначаюць, што роды ў Польшчы праходзяць больш натуральна, без лішніх умяшанняў, з беражлівым стаўленнем і добрым сэрвісам. Выпіска з радзільні праходзіць не так святочна, як мы прызвычаіліся: маму з дзіцём сустракае бацька дзіцяці/сваякі з аўталюлькай. Кветкі і цукеркі для персаналу ніхто не дорыць.

Пасля родаў трэба будзе выбраць паліклініку для малюка, прайсці рэгістрацыю, замацаванне за педыятрам і некалькі наведванняў акушэрам.
Рэгістрацыя дзіцяці
Рэгістрацыя нараджэння дзіцяці праходзіць ва Urzędzie stanu cywilnego (ЗАГС). Дакументы туды перадасць радзільня, а вось для атрымання пасведчання аб нараджэнні патрэбна асабістая прысутнасць аднаго з бацькоў. Трэба падаць пашпарты, пасведчанне аб шлюбе, пасведчанні аб нараджэнні бацькоў дзіцяці (+прысяжны пераклад), пацверджанне легальнага знаходжання ў Польшчы. У выпадку адсутнасці патрэбных дакументаў або наяўнасці іншых пытанняў варта пракансультавацца ва ўжондзе.

Месца нараджэння дзіцяці не мае вырашальнага значэння ў пытанні атрымання польскага грамадзянства. Разглядаецца статус знаходжання бацькоў, а таксама тое, грамадзянамі якіх краін яны з'яўляюцца.

Знаходжанне дзіцяці ў Польшчы лічыцца легальным, пакуль у бацькоў ёсць дзеючая віза/ВНЖ. Пашпарт малюку трэба рабіць на тэрыторыі Беларусі (калі няма магчымасці вярнуцца ў краіну, варта рабіць польскі праязны дакумент).

Выява на вокладцы: Vanessa (Unsplash)
Матэрыялы па тэме: