Lixtar

Беларускі пашпарт хутка скончыцца, а вярнуцца па новы я не магу

Аліна Яраховіч не мае ніякіх дакументаў пра свой пераслед у Беларусі, у спадарыні сканчаецца беларускі пашпарт, і як далей засведчыць у Польшчы што яна не можа вярнуцца ў Беларусь, адказ на пытанне пакуль застаецца на суд грамадскасці.
— У Беларусі я змагалася за тое, каб нашы галасы на выбарах не скралі, і дапамагала людзям, якіх затрымлівалі. У Польшчы цэлы год валанцёрыла для Украіны, а цяпер змагаюся за магчымасць і далей тут жыць і працаваць.
Я не ведаю, што мяне чакае. У Беларусь вярнуцца не магу: пасля майго ад’езду родным сказалі, што супраць мяне завялі чатыры крымінальныя справы. У Польшчы я ўсё яшчэ чакаю карту побыту, а тэрмін дзеяння пашпарта можа скончыцца раней, чым я яе атрымаю.
Пасля майго ад’езду да родных прыйшлі з вобшукам. Ім сказалі, што мне пагражае ад васьмі да дванаццаці гадоў зняволення. Я не ведаю, за што менавіта завялі ўсе справы, але адна дакладна звязаная з выбарамі.

Я была назіральніцай, а потым напісала допіс пра фальсіфікацыі ў школе.

Дырэктарка школы падала на мяне заяву ў міліцыю за паклёп.
Я арганізоўвала пратэсты і акцыі, была адміністратаркай чатаў, фатаграфавалася са сцягамі і здымала відэа ў падтрымку. Збірала подпісы праз бяздзейнасць дэпутаткі, пісала на яе скаргі. У выніку ў нас нават адбыўся суд, на які яна не прыйшла.
Я таксама абскарджвала сваё затрыманне, умовы ўтрымання людзей у ізалятары, дзеянні выканкама і вынікі выбараў.
Я валанцёрыла ў «Вясне» (беларуская праваабарончая аргаізацыя), хадзіла на суды, насіла перадачы людзям у ізалятары, пісала лісты і некалькі разоў збірала грошы на дапамогу. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, ужо ў Польшчы, цэлы год дапамагала ўкраінцам як валанцёрка.
Калі я падала дакументы на новую карту побыту, думала, што ведаю, чаго чакаць. Мінулым разам чакала каля года, таму спачатку не вельмі хвалявалася.

Здавалася, што пасля масавага выезду беларусаў і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне сітуацыя з дакументамі мусіла палепшыцца. Але ўсё стала яшчэ горш.

Я працую праз бізнес-інкубатар і праз яго падала дакументы. Неўзабаве асноўныя праекты скончыліся, і я страціла большую частку даходу.

Спачатку думала, што хутка знайду новую працу. Але мяне не бралі нават на склады, дзе можна працаваць без ведання польскай мовы: працадаўцы патрабавалі дзейную карту побыту.

Тады я пачала шукаць кліентаў на еўрапейскіх і амерыканскіх фрыланс-платформах. На некаторых з іх не змагла нават зарэгістравацца, бо патрабавалі дакумент, які пацвярджае маё пражыванне ў Польшчы.

Каб працягваць працаваць праз інкубатар, трэба было штомесяц праводзіць праз яго грошы. Калі няма працы, няма і чаго праводзіць. З’ехаць і пачаць усё нанова я таксама не магла: тэрмін дзеяння папярэдняй карты скончыўся, і я больш не магла свабодна ездзіць па Еўропе.

Беларускі пашпарт таксама хутка скончыцца, а вярнуцца па новы я не магу. Я не ведала, што рабіць.

Кожны дзень пачынаўся са стрэсу. Я хапалася за адну ідэю за другой, пакуль нарэшце не знайшла кліентаў і платформы, на якіх змагла працаваць. На гэта пайшлі ўсе сілы.

Праз праблемы з дакументамі мне не здалі таннейшую кватэру. Ніводная кампанія не падключыла хатні інтэрнэт, таму я працую праз мабільную сувязь. Калі яна знікае, спыняецца і праца.

Крыптабіржа не працуе з беларусамі, а дакумента, якім я магла б пацвердзіць сваё пражыванне ў Польшчы, у мяне няма.

Але больш за ўсё баліць тое, што я не магу сустрэцца з блізкімі.

Мама і сястра жывуць за межамі Беларусі, але мы ўсё адно не можам убачыцца. З сябрамі я таксама даўно не бачылася.

Я люблю падарожнічаць, а цяпер не магу выехаць з Польшчы. Калі ў міжнароднай адукацыйнай праграме або стажыроўцы ёсць вочныя сустрэчы ў іншай краіне Еўропы, я не магу на іх паехаць.

Кожную з гэтых праблем паасобку можна перажыць. Але калі яны ўзнікаюць адначасова і доўжацца месяцамі, цяжка нешта планаваць або скарыстацца магчымасцю, калі яна з’яўляецца.

Найбольш я баюся, што тэрмін дзеяння пашпарта скончыцца раней, чым я атрымаю карту. Іншага дакумента ў мяне няма.

Рух Беларускай Салідарнасці праводзіць грамадскую кампанію за абарону правоў беларусаў(-к) у Польшчы.

Мы дамагаемся зменаў у польскім заканадаўстве, спрашчэння працэдур легалізацыі, вырашэння праблем з дакументамі і банкаўскім абслугоўваннем беларусаў.

Да ўсяго, мы аказваем юрыдычную дапамогу, дапамагаем абараняць правы і вырашаць праблемы з дзяржаўнымі ўстановамі і банкамі.

Даведацца болей пра кампанію можна па спасылцы.

Фота на вокладцы: Pavel Golovkin/AP/picture alliance
МАБІЛЬНАСЦЬ