Палягчаем жыцце
беларусаў за мяжой

Хто ў краінах Еўразвязу вырашае лёс палітычна пераследаваных беларусаў?

Гісторыя адмовы ў міжнароднай ахове беларусу ў Польшчы
Перад вамі тыповы прыклад адмовы ў міжнароднай ахове беларусу ў Польшчы — гісторыя Андрэя Яраша.

Катажына Магнусэн (Katarzyna Magnussen), начальнік аддзела Дэпартамента спраў аб уцекачах Упраўення па справах іншаземцаў (Urząd do Spraw Cudzoziemców), паставіла свой подпіс пад наступнай фармулёўкай:

“
Вераемнасць арышту заяўніка і яго асуджэння ў палітычна матываваным працэсе ў выпадку вяртання ў краіну паходжання не з’яўляецца рэальнай.

Але чаму Андрэй Яраш бачыць для сябе турму пасля гіпатэтычнага вяртання ў Беларусь? У дакуменце з адмовай з Упраўлення па справах іншаземцаў дакладна апісваюць удзел беларуса ў рэвалюцыйных падзеях у Менску ў 2020 годзе:

  • «Удзел замежніка ў пратэстах, а таксама ягоная пазнейшая дзейнасць, заснаваная на друкаванні і распаўсюдзе апазіцыйных плакатаў і ўлётак, не мелі працяглага і асабліва інтэнсіўнага характару».
  • Пра раённы чат «Nesterka»: «Дзейнасць заяўніка ў межах гэтай групы не робіць яго ні важным дзеячам, ні значным актывістам апазіцыі».
  • «Маштаб рэпрэсій супраць удзельнікаў пратэстаў з кожным годам змяншаецца».
Як працягласць ці інтэнсіўнасць уплываюць на бяспеку ці небяспеку ў Беларусі? І што такое працягласць ды інтэнсіўнасць? Якімі паказнікамі яны вымяраюцца?

Што такое важны дзеяч і значны актывіст? Якімі крытэрамі вызначаюцца важнасць і значнасць дзеянняў у Беларусі ў 2020 годзе з гледзішча польскага чыноўніка ў 2026-м?

Кожны, хто зацікавіцца падзеямі ў Беларусі ў 2020 годзе, ведае, што да людзей у кватэру ламіліся аўтаматчыкі за каробкі з-пад тэлевізара на балконе, якая мела бела-чырвоную каларыстыку дызайну. Людзей забіралі за краты проста з вуліцы за белыя шкарпэткі з тонкай чырвонай ніткай у якасці аздаблення. За лайк пад перапостам адпраўлялі ў турму па крымінальным артыкуле. А ўдзел у раённых чатах і дагэтуль лічыцца ўдзелам у экстрэмісцкім фармаванні.

Вышэйпералічаныя — некалькі прыкладаў з дзясяткаў тысяч. Уся інфармацыя ляжыць на паверхні, яна даступная праз справаздачы правабаронцаў. Польскія медыі досыць глыбока і шырока асвятлялі падзеі ў Беларусі ў 2020-м, перыядычна пішуць і сёння, што рэпрэсіі працягваюцца.
У час, калі Андрэю Ярашу рыхтавалі адмову ў наданні міжнароднай аховы (ochrona uzupełniająca — дадатковая ахова), у Беларусі вынеслі прысуд Вользе Харламавай — дзесяць гадоў зняволення за палітычную аналітыку.

Хтосьці скажа, што фармальна за штосьці іншае, але падчас тэрору ёсць толькі адзін крытэр — ты за ўладу ці не? Ты за дыктатара ці не? Калі ты супраць дыктатуры — ты першы ў спісе на рэпрэсіі.

Польшча мела ваеннае становішча ў 1980-х, калі краіну апанавала дыктатура камуністычнай хунты. Пра дыктатуру і грамадзянскі супраціў ёй у Польшчы выкладаюць у школе. Ды што там – жывыя сведкі тых драматычных падзеяў.

У Польшчы людзі знікалі, людзей забівалі, людзей прэвентыўна пазбаўлялі волі, і ні ў каго ў свеце не ўзнікала пытання пра «вераемнасць арышту і асуджэння ў палітычна матываваным працэсе» чалавека, які дэманстраваў сваю нязгоду з гвалтам над правамі чалавека на свабоднае жыццё.

Цяпер жа выглядае, што хтосьці спрабуе з лінейкай вымераць ступень небяспекі для грамадзян суседняй дзяржавы.

У Польшчы цяпер набірае хаду рух беларусаў за свае правы на легалізацыю ў Еўразвязе.
Людзі ў сацсетках задаюць пытанні:
  • Адкуль яны (еўрачыноўнікі, у тым ліку польскія) бяруць факты, што рэпрэсіі і пераслед змяншаюцца?
  • На якія інструкцыі спасылаюцца чыноўнікі польскага Упраўлення па справах іншаземцаў?
  • Хто піша інструкцыі, якія дазваляюць чыноўніку самастойна вырашаць, ці ёсць у Беларусі палітычныя рэпрэсіі і ці пагражаюць яны персанальна канкрэтнаму заяўніку на міжнародную ахову?
  • На якія прававыя дакументы абапіраецца той, хто піша інструкцыі для чыноўнікаў, якія адмаўляюць беларусам у міжнароднай ахове?

Можна дадаць рытарычнае, але эмацыйна важнае пытанне: што адчувае чыноўніца, якая фактычна адпраўляе чалавека ў турму? Маці дваіх дзяцей кіруе бацьку дваіх дзяцей на тэрыторыю, падкантрольную міжнародна прызнанаму дыктатару.

Мэта гэтага артыкулу – сфакусаваць увагу грамадскасці на пытаннях, якія пакуль застаюцца без адказу. Сачыце за абнаўленнямі на Lixtar.media і ў беларускіх пабліках у сеціве.

Разам шукаем шляхі для вырашэння праблемы легалізацыі беларусаў у Польшчы ды іных краінах Еўразвязу.

Дасылайце свае гісторыі і заўвагі на адрас sieviaryn@gmail.com з пазнакай «легалізацыя».
Падпісвайце петыцыю «За легальнасць беларусаў(ак) у Польшчы».
Севярын Квяткоўскі, для Lixtar.media
Выява на вокладцы: Adrian Grycuk
Матэрыялы па тэме: