Lixtar.media Медыя, якое палягчае жыццё беларусаў за мяжой
Lixtar.media Медыя, якое палягчае жыццё беларусаў за мяжой
Беларусь на тэатральнай мапе свету
Belarus Institute of Theatre - пачатак дыялогу паміж дзеячамі тэатра ў розных краінах
Беларускі тэатр перажывае складаныя часы, але не знікае — наадварот, ён ператвараецца ў магутны сімвал захавання і адраджэння нацыянальнай культуры. І нягледзячы на рэпрэсіі і вымушаную эміграцыю многіх дзеячаў, беларускі тэатр працягвае жыць і развівацца, захоўваючы спадчыну і ствараючы цуды.
Belarus Institute of Theatre (BIT) — гэта ініцыятыва, якая вырасла з незалежнага аб’яднання дзеячаў беларускага тэатра — «Belarus Theatre Community». Праект быў створаны як адказ на масавыя рэпрэсіі супраць беларускіх творчых дзеячаў. За кароткі час BIT ператварыўся ў пляцоўку для захавання і развіцця культурнай спадчыны беларускай тэатральнай сцэны.
Асновай стварэння інстытута стала ідэя Анжалікі Крашэўскай, якая прапанавала ініцыятыву «Тэатральнага інстытута» не толькі дзеля захавання архіваў, але і для пачатку дыялогу паміж дзеячамі тэатра ў розных краінах.
Ідэя «in exile» — тэатральнага інстытута ў выгнанні - набывае новы сэнс у сітуацыі, калі многія беларусы вымушаны працаваць за межамі краіны. Гэта не толькі спосаб працягнуць дзейнасць, але і захаваць гістарычны і культурны патэнцыял беларускага тэатра, нягледзячы на цяжкасці, з якім сутыкаюцца прадстаўнікі культурнай сферы.
Анжаліка Крашэўская
Новыя фарматы ўзаемадзеяння
За першыя шэсць месяцаў 2021 года было зафіксавана больш за 600 выпадкаў парушэння правоў чалавека ў адносінах да дзеячаў культуры. А ўжо праз 4 гады многія незалежныя тэатры вымушаны былі зачыніць свае дзверы альбо працягваць сваю дзейнасць за мяжой.
BIT з’яўляецца пляцоўкай для рэалізацыі стратэгічных мэтаў і пошуку партнёрства з міжнароднымі арганізацыямі. Каманда праекта актыўна працуе над архівацыяй спадчыны беларускага тэатра, абаронай культурных правоў і павесткі тэатра на міжнароднай арэне. Акрамя таго, BIT займаецца адукацыйнымі праектамі, каб рыхтаваць новае пакаленне прафесіяналаў у галіне тэатра.
Новыя выклікі і пошук рэсурсаў
Адна з асноўных праблем, з якой сутыкнулася каманда BIT — гэта фінансаванне. У той час як падобныя інстытуты ў Еўропе атрымліваюць падтрымку ад дзяржавы, беларускія — вельмі абмежаваныя ў сродках. Беларускія фонды, якія падтрымліваюць культуру, маюць строгія фінансавыя абмежаванні, і колькасць жадаючых атрымаць падтрымку расце штогод.
Сітуацыю ўскладняе тое, што каманда праекта складаецца з людзей, якія павінны шукаць сродкі для жыцця па-за межамі праекта, таму рэалізацыя ідэй часта адбываецца ў вольны ад асноўнай працы час.
Што нас чакае далей?
BIT працягвае працу па некалькіх ключавых напрамках: • Архівацыя тэатральнай спадчыны Беларусі. • Адвакацыя беларускай тэатральнай павесткі на міжнароднай арэне. • Правядзенне адукацыйных праграм для тэатральных дзеячаў.
Актыўны праект BIT — гэта серыя анлайн-дыскусій #BIT_talks, прысвечаных дынаміцы і разнастайнасці беларускага тэатра. Гэтыя дыскусіі аб’ядноўваюць міжнародных і беларускіх экспертаў для абмеркавання актуальных праблем: ад пытанняў адукацыі да захавання ідэнтычнасці беларускага тэатра.
Далучыцца да дыскусій можа любы чалавек, незалежна ад свайго прафесійнага статусу. Дыскусіі - гэта адкрытая пляцоўка для тых, хто цікавіцца тэатральнымі праблемамі, хоча задаць пытанні і прыняць удзел у абмеркаванні будучыні беларускага тэатра.
Як падтрымаць праект?
BIT адкрыты для новых магчымасцяў супрацоўніцтва. Калі вы зацікаўлены ў падтрымцы беларускай культуры і тэатра, вы можаце далучыцца да працоўных груп праекта, запоўніўшы спецыяльную форму.
Каб быць у курсе навін і новых ініцыятыў праекта, далучайцеся да суполак BIT у:
Telegram-чаце для калег з тэатра і выканаўчых мастацтваў Беларусі (увага! чат публічны).
Захаваць і развіваць беларускі тэатр у сучасных умовах складана, але дзякуючы намаганням людзей, якія любяць і шануюць сваю культуру, гэта магчыма. BIT запрашае ўсіх неабыякавых далучыцца да гэтай важнай справы!
Фатаздымкі ў артыкуле — Анжаліка Крашэўская, Freepik