Lixtar.media Медыя, якое палягчае жыццё беларусаў за мяжой
Lixtar.media Медыя, якое палягчае жыццё беларусаў за мяжой
«Для нас важна, каб беларускі тэатр на эміграцыі быў розны»
Вольга Кулікоўская — пра прадзюсарскую ініцыятыву INEXKULT
Прадзюсарская ініцыятыва INEXKULT была створана ў снежні 2022 года. Дакладней, была зарэгістраваная юрыдычная арганізацыя — фонд INEXKULT. А сама па сабе каманда фонду, якая складаецца з беларускіх і польскіх спецыялістаў у галіне менеджменту, піяру выканаўчых мастацтваў была сабрана раней, падчас працы над рознымі тэатральнымі праектамі.
«Увесь тэатр, якім мы займаемся — праектны» — распавядае Вольга. Ніякагасталага фінансавання няма. Спачатку трэба атрымаць грошы ад розных культурных арганізацый Еўропы. Пасля пад гэты праект выбіраецца каманда тых, хто яго рэалізоўвае.
Вольга Кулікоўская, кіраўнік прадзюсарскай ініцыятывы INEXKULT. Фота Кацярына Ігнашэвіч
«Напрыклад, у жніўні ў фармаце INEXKULT мы зрабілі дзве прэм’еры. Адну зрабілі з Купалаўцамі. «Плошча Перамогі» паводле рамана Альгерда Бахарэвіча, рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў. Другую — з рэжысёрам Юрам Дзіваковым і польскай рэжысёркаю — харэаграфкаю Паўлінай Пракапюк. «Канец паўкабана» па Гельмуце Кайзару. У спектаклі заняты два беларускія акторы, і ён цалкам выкананы на польскай мове» — расказвае Вольга.
Спекталь «Канец паўкабана», прадукцыя INEXKULT, рэжысёры Юрый Дзівакоў і Пауліна Пракапюк. Фота: Аляксандр Валодзін
«У новым сезоне да канца 2023 года мы плануем зрабіць яшчэ тры тэатральныя праекты. Для нас важна, каб беларускі тэатр на эміграцыі быў розны: нацыянальна-арыентаваны, на беларускай мове, на польскай мове, для дзяцей і дарослых, для аматараў сучаснай музыкі і найноўшай літаратуры. Гэта могуць быць спектаклі створаныя міжнароднымі калектывамі з удзелам беларусаў і праца з выключна беларускімі прадукцыямі».
Мэта ініцыятывы — стварэнне ўмоў для творчай і прафесійнай рэалізацыі людзей тэатра і культуры з Беларусі ў Польшчы.
Таму акрамя працы над вытворчасцю ўласнай тэатральнай прадукцыі, INEXKULT арганізоўвае пракат і піяр ужо наяўных беларускіх тэатральных прадукцый. Так, напрыклад, толькі што скончыўся гадовы фестываль незалежнага беларускага тэатра, арганізаваны фондам INEXKULT.
«На працягу трох месяцаў мы паказалі варшаўскаму гледачу больш за 10 яскравых спектакляў беларускіх ансамбляў. Магчымасць прадставіць свае працы атрымалі больш за 50 мастакоў: аўтары і аўтаркі, сцэнографы і сцэнографкі, рэжысёры і рэжысёркі, акторы і актрысы. Гэта вельмі важны напрамак працы».
Беларускія тэатральныя дзеячы на фестывалю беларускага тэатра ў Варшаве, лета 2023. Фота Наталля Папова
Пасля 2020 года з Беларусі была вымушана выехаць вялікая колькасць людзей тэатра. І нягледзячы на цяжкасці эміграцыі, большасць з іх застаецца ў прафесіі, працягвае развіваць беларускую культуру.
«Што да менавіта тэатра, тут праблема ў тым, што часцей за ўсё створаныя спектаклі становяцца такімі „аднаразовымі“. Г. зн. знаходзяцца якія-небудзь гранты, творчыя рэзідэнцыі на некалькі месяцаў у рамках якіх ствараецца новы спектакль, адбываецца яго прэмʼера. А далей гэты прадукт, па сутнасці, проста кладзецца на паліцу. Ён не ўпісаны ў рэпертуары дзейных польскіх тэатраў, займацца самастойным пракатам у мастакоў няма ні сродкаў, ні ведаў. Мы стараемся дапамагаць такім праектам, арганізоўваць іх наступныя паказы».
Цяпер у распрацоўцы ўжо восеньска-зімовая праграма беларускай тэатральнай афішы ў Варшаве. Падаецца, што гэта будзе яшчэ больш насычаная праграма, чым была летам, у тым ліку з некалькімі прэмʼерамі.
Рэпетыцыя спектаклю "Плошча Перамогі", прадукцыя INEXKULT, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. Фота: Аляксандр Валодзін
У наступных планах стварыць у Варшаве своеасаблівы беларускі тэатральны хаб.
«Мы ўжо сабралі прафесійную менеджарскую каманду, знайшлі свае пляцоўкі для піяру і рэкламы. Таксама сабралі ядро беларускага гледача ў Варшаве і кола творчых тэатралаў. Цяпер збіраем подпісы на тое, каб нам у Варшаве вылучылі сцэну. Тады мы зможам ствараць і запрашаць незалежны беларускі тэатр для пастаянных паказаў. Гэта зараз вельмі важна»
INEXKULT таксама займаецца адукацыйнымі і сацыяльнымі праектамі. Улетку правялі двухтыднёвы тэатральны лагер для беларускіх падлеткаў, з беларускімі і польскімі педагогамі. А на зіму рыхтуецца адкрыццё тэатральнай школы для дзяцей і дарослых.
Адукацыйны праект "Лета ў тэатры" (тэатральная школа). Фота: Вольга Кулікоўская
Выява на вокладцы — рэпетыцыя спектаклю "Плошча Перамогі", фота: Аляксандр Валодзін