Палягчаем жыцце
беларусаў за мяжой

«Зараз людзі прыходзяць з наступствамі ад эміграцыі, рэпрэсій, вайны»

Крызісны псіхолаг пра эміграцыю і траўмы беларусаў
Lixtar Media паразмаўляў з Таццянай Палхоўскай, крызісным псіхолагам, пра эміграцыю і траўмы беларусаў.
Дзяцінства Таццяна Палхоўская правяла на вёсцы ў бабулі і дзядулі, яны размаўлялі па-беларуску.

«Я не ўсведамляла, што гэта беларуская мова. Гэта была натуральная мова майго дзяцінства. Выкладчыкі ў школе пыталі, адкуль я прыехала, бо напэўна я размаўляла трасянкай. Але свядома размаўляць па-беларуску я пачала ў 13 гадоў, калі паступіла ў Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Паступіла я ў той год, калі ліцэй быў зачынены ўладамі і вучыцца давялося ўжо ў падпольным коласаўскім ліцэі. Усё выкладалі па-беларуску, асноўнай мэтай было паказаць нам любоў да нашай культуры, мовы, каштоўнасцяў. У гэты час я палюбіла Беларусь шчыра і свядома» — распавядае Таццяна.

Таццяна,
фота з ўласнага архіва гераіні
Таццяна з’яўляецца актыўнай каталічкай, таму ў шапцы яе профілю ў інстаграм можна пабачыць тое, што яна з’яўляецца хрысціянскім псіхолагам:
«Я магу дапамагчы хрысціянам разабрацца з тымі складанымі, можа недзе сарамлівымі пытаннямі, бо ведаю кантэкст гэтых перажыванняў. Вельмі шмат праблем у людзей узнікае ў сферы кантакту з Богам, з касцёлам, з супольнасцю людзей».

Безумоўна, Таццяна працуе не толькі з веруючымі людзьмі, але заўважае, што з хрысціянскімі тэмамі працаваць вельмі любіць. Са сваімі кліентамі яна размаўляе на той мове, на якой размаўляюць яны.
«Я ніколі не хацела выязджаць з Беларусі. Я ўсё яшчэ мару пра вяртанне дамоў. Беларусь — гэта мая любоў, я не хачу ад яе адмаўляцца. Я ўдзячна краінам, якія мяне прынялі, але яны для мяне чужыя, а я для іх госця».
Спачатку Таццяна выехала ва Украіну, жыла ў Львове 6 месяцаў, але з-за пытанняў з ВНЖ давялося выехаць.

«Я абрала Грузію, бо з Беларусі я выязджала вясной і да халадоў не была падрыхтаванай. Вырашыла правесці зіму там, а потым вярнуцца ва Украіну, але пачалася вайна і вяртацца не было куды».

У Грузіі Таццяна адчувала сябе кепска, натхнення там не было і адаптацыя праходзіла цяжка. Зараз Таццяна ўжо знаходзіцца ў Еўропе.
«Як эміграцыя паўплывала на працу? Да ніяк. З 2019 я амаль цалкам працавала анлайн. Пасля пераезду ўсе кліенты засталіся на сваіх месцах» — распавядае Таццяна.
А вось супольнасць калег, псіхолагаў, навучанняў Таццяна страціла.

«Мне хочацца праводзіць афлайн-мерапрыемствы, як я рабіла ў Беларусі. Напрыклад, кава з псіхолагам. Мы ішлі ў кавярню з тымі, хто адгукаўся на маю прапанову, разбіралі пытанні, з якімі гэтыя людзі прыходзілі. Яны маглі зразумець, як я працую, а я магла пазнаёміцца з запытамі. Тут я магу рабіць гэта толькі ў абмежаваным фармаце.

З болем і зайздрасцю гляджу, як мае любімыя калегі збіраюцца ў Менску на нейкія праекты, аб’ядноўваюцца, працуюць разам. Я так не магу, і гэта вельмі цяжка».
Таццяна заўважае, што пытанні, з якімі прыходзяць людзі асабліва не змяніліся за гэтыя гады.
«Я крызісны псіхолаг і траўма-тэрапеўт, я працую з людзьмі, у якіх здарыўся нейкі фізічны ці эмацыйны трэш. Зараз людзі прыходзяць з наступствамі ад эміграцыі, рэпрэсій, вайны. Першапачатковыя запыты крышачку іншыя, але сутнасць не змянілася. Людзі прыходзяць пасля гвалту».
Стала больш крызісных момантаў, менш устойлівасці, трэба шукаць больш крыніц сілы, шукаць апору.
«Я заўважыла, што людзі, якія перажываюць нейкі моцны трэш, зараз быццам больш дазваляюць, легалізуюць для сябе тэрапію. Вельмі часта прыходзяць кліенты, якія думаюць, што з імі штосьці не так, што з гвалтам, з якім яны сутыкнуліся, сутыкаліся ўсе, бо гэта былі іншыя часы і ўсе так жылі, і ўсё нармальна. Быццам гэтых праблем недастаткова, каб прыйсці і папрасіць дапамогі, а вось пасля выбухаў можна» — распавядае Таццяна.
Ёсць некалькі метадаў, якія Таццяна не можа выкарыстоўваць у анлайн-тэрапіі, але такі фармат ёй падабаецца, бо ёсць іншыя варыянты:
«Я хутка знаходжу нейкія практыкі, з якімі чалавеку будзе камфортна працаваць».

Эміграцыя — даволі вялікі выклік, аднак ёсць мноства магчымасцяў для працы за мяжой. Псіхалагічныя паслугі зараз вельмі запатрабаваныя, і колькасць беларусаў замежжа таксама павялічваецца.
Выява на вокладцы — engin akyurt (Unsplash)
Матэрыялы па тэме: