Паважаць свае карані
«Для амерыканцаў іх карані - гэта гонар! Калі завітаць на які-небудзь фестываль культур ці на школьную мульцікультурную ноч, ці мо нават на якую простую сустрэчу людзей з розных краін, то можна пачуць гутаркі, прысвечаныя караням, традыцыям, мовам і ўспамінам.
І гэта сапраўдны космас! І ніводнага разу я не чула, каб прадстаўнікі якой-небудзь нацыі ставілі пад сумнеў хоць штосьці, датычнае да іх краіны. Няма такіх людзей, якія б саромеліся свайго. Амерыка — краіна эмігрантаў, якія паказалі мне, што карані/мовы/культуры існавалі і будуць існаваць па-за такіх пытанняў, як «навошта гэта захоўваць» — яны проста ёсць.
У плане захавання беларушчыны мы для радзімы зараз — як замежныя лекі: па кропельцы, але эфектыўна.
Я хачу, каб мяне асацыявалі з Беларуссю. Таму што калі я размаўляю па-расейску — то адкуль я?.. Па мове можна пазнаць адно аднаго, пазнаць у асобе побач беларуса.
А вось уявіце. Сярэдзіна Ціхага акіяну, нацыянальны парк на Вялікім востраве (Гаваі). Мы з сям’ёй ідзем на аглядную пляцоўку, спадзяючыся пабачыць вывяржэнне вулкану. Бачым — хлопец з дзяўчынай стаяць. Мільёны зорак па-над намі, Млечны Шлях у чорна-блакітным небе. І вось у гэтай цішы, у гэтай апраметнай цемры я чую: «Вось так! Трымай і здымай!»
Паважаць свае карані - гэта звычайнае, нармальнае. Беларуская мова і культура — гэта адзінае цэлае, гэта і ёсць МЫ" - кажа Ліля.