«Ідэя нарадзілася падчас размовы з сябрамі ў чаціку. Мы абмяркоўвалі нейкія ролікі на YouTube, і прыйшлі да кропкі, калі нехта сказаў, што беларускіх відэа мала. Я, як чалавек, які заўжды імкнецца шукаць беларускі кантэнт, з гэтым не пагадзіўся. Каналаў, створаных беларусамі, даволі шмат. Але праз асаблівасьці альгарытмаў YouTube яны не заўсёды трапляюць да мэтавай аўдыторыі. YouTube заўсёды будзе прасоўваць тое, што цікава як можна больш шырокаму колу гледачоў.
Таму ў беларусаў у стужках больш расейскіх, украінскіх ці польскіх каналаў, чым беларускіх. Я адразу ў той дыскусіі накідаў некалькі каналаў па тэме, але задумаўся, што было бы зручна, каб беларускія каналы былі сабраныя разам, каб кожны жадаючы мог адкрыць каталёг, знайсьці цікавыя яму каналы і падпісацца" - распавядае стваральнік.