Палягчаем жыцце
беларусаў за мяжой

У Вільні адчыніўся беларускі этнацэнтр

Спевы і танцы, абрады, звычаі, святы, выраб асабістага традыцыйнага строю,
дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, кераміка, музычнае навучанне метадам
пераймання
З пачаткам навучальнага года ў Вільні адкрываецца новая прастора —
этнацэнтр «Світанак». Паводле слоў яго стваральнікаў, тут кожны жадаючы,
незалежна ад узросту, зможа пазнаёміцца з аўтэнтычнымі беларускімі
традыцыямі.
Перадаць назапашаную спадчыну нашым нашчадкам
Асноўная ўвага ў дзейнасці этнацэнтра надаецца адукацыйным праграмам: спевы і танцы, абрады, звычаі, святы, выраб асабістага традыцыйнага строю, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, кераміка, музычнае навучанне метадам пераймання (гармонік, дуда). Акрамя гэтага, таксама ёсць магчымасьць развіваць свае здольнасці ў галіне сучаснага мастацтва (вакал, харэаграфія, гітара) і вывучаць англійскую і літоўскія мовы.
Заснавальніца і аўтарка ідэі — беларуская этнапедагог, дзеячка культуры і адукацыі Марына Струнеўская. Паводле яе слоў: «Мая місія — перадаць назапашаную спадчыну нашым нашчадкам, выхаваць новае пакаленне дзяцей у эміграцыі, захаваўшы мову, культуру і традыцыі. Тут, у выгнанні, проста неабходна зберагчы і захаваць беларускую традыцыйную і аўтэнтычную культуру, як некалі габрэі зберагалі і перадавалі сваім дзецям традыцыі, не маючы сваёй ўласнай зямлі і краіны».

Марына Струнеўская
Кірункі працы цэнтра
Акрамя адукацыйных праграм, этнацэнтр «Світанак» арганізоўвае і праводзіць як святы гадавога кола, так і сямейна-абрадавыя святы беларусаў, ладзіць культурна-пазнавальныя сямейныя вандроўкі з прыцягненнем вялікай колькасьці рэлакантаў і эмігрантаў з Беларусі, удзельнічае ў міжнародных конкурсах і фестывалях, а таксама адзначае гарадскія святы ў межах народнай традыцыі.

Каляды і Купалле, Гуканне вясны і Багач, Беларускае Вяселле і абрад ушанавання продкаў Дзяды — гэтыя і іншыя святы з задавальненнем наведвае беларуская дыяспара з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы.

Найбліжэйшае мерапрыемства — свята «Багач», якое адбудзецца 15 верасня 2024 года ў Беларускім доме на Vilniaus g, 20.
Яшчэ адзін кірунак дзейнасці — адукацыйныя вандроўкі. Анансуем бліжэйшую вандроўку 27−28−29 верасня 2024 ў Польшчу (Беласток і Бельск), дзе пазнаёмімся з традыцыямі этнічных беларусаў Падляшша, сустрэнемся з Кацярынай Ваданосавай, правядзем сумесны канцэрт фальклорнага калектыва «Світанак» з калектывамі «Жамэрва» і «Асочнікі» (кіраўнікі Дарафей і Ганна Фіонік).
Што датычыцца заняткаў, яны пачнуцца ўжо зусім хутка — з верасня 2024 года. Заснавальнікі запрашаюць дзяцей, падлеткаў і дарослых развіваць свае ўнікальныя здольнасці разам з беларусамі ў Еўропе.

Этнацэнтр знаходзіцца ў самым цэнтры Вільнюса па адрасе: Smetonos g. 5 – 305.

Старонка праекта ў Інтэрнэце — Этнацэнтр Світанак.

Сацсеткі
Інстаграм
Facebook

Тэлефон: +370 611-05-575 (Марына Струнеўская)
Е-mail: bel.svitanak@gmail.com
Фатаздымкі ў артыкуле — Этнацэнтр Світанак
Матэрыялы па тэме: