Палягчаем жыцце
беларусаў за мяжой

«Даць бясплатны доступ да беларускай літаратуры тым, каго яна зацікавіць»

Litalalna - беларускія аўдыекнігі з галасамі Вольскага, Shuma, Мелказерава
Рэдакцыя Lixtar’а паразмаўляла з Уладзімірам Пугачом, вядомым беларускім музыкай, каб даведацца пра заснаваны ім праект выдавецтва аўдыякніг Litaralna.
«Калі я пераехаў жыць у Польшчу, прыкладна 2 гады таму, у мяне з’явіўся час на тое, каб займацца нечым дадатковым, акрамя асноўнай працы — музыкі. Я сам ужо доўга з ахвотай слухаю аўдыякнігі, вось і вырашыў паспрабаваць зрабіць пэўную колькасць беларускай літаратуры, літаратуры на беларускай мове ў такім фармаце. Тут дапамог досвед у студыйнай працы, ды й шмат беларускіх актораў, з якімі я працаваў і сябраваў, з’ехала ў Варшаву» — распавядае Ўладзімір.

У лютым мінулага года ён звярнуўся са сваёй ідэяй да сябра, які працаваў у фундацыі «Жыццё» («Życie» па-польску), якая зараз займаецца адукацыйнымі, бізнес, гуманітарнымі праектамі (напрыклад, для ўцекачоў з Украіны).

«У межах такога мастацка-адукацыйнага праекта я распавёў ім сваю ідэю. Фундацыя дапамагла знайсці фінансаванне, мы доўга рыхтаваліся».

Уладзімір Пугач
Фота рэдакцыі
Гэтай восенню выдавецтва афіцыйна распачало сваю працу.
“
«Прыкладна з вясны гэтага года мы запісвалі кнігі, рыхтавалі прадукт: аўдыязапіс, дызайны вокладак і шмат чаго яшчэ, напрыклад, зрабілі старонку ў Інтэрнэце, каб слухаць запісы можна было і там» — каментуе Ўладзімір.
Выдавецтва апублікавала ўжо 5 кніг, апошнюю — 22 снежня, гэта быў «Шляхціц Завальня» Яна Баршчэўскага, а зараз рыхтуюцца матэрыялы на 2024 год.
Аўдыекнігі на сайце Litaralna
“
«Старажытны тэкст чытаць складана, таксама час публікацыі кнігі на старонцы залежыць ад падрыхтоўкі актора, ад працы студыі, ад колькасць старонак. Напрыклад, сярэдняя кніжка на 200 старонак займае 3-4 тыдні».
Літаральна – гэта не бізнес-праект. Ён уладкаваны такім чынам, каб даць бясплатны доступ да беларускай літаратуры тым, каго яна зацікавіць.
“
«Мы нічога не зарабляем з выдавецтва, але нам патрэбна падтрымка, каб існаваць далей. На ўсіх нашых пляцоўках размешчаны спасылкі для данатаў. Мы спадзяемся, што з цягам часу зможам атрымліваць пэўную колькасць фінансавання і адтуль. Таксама шукаем фінансаванні, фундацыі».
Паралельна з публікацыяй кніг ідзе наладжванне ўсіх працэсаў працы выдавецтва. У наступных рэлізах можна будзе пачуць новыя галасы, а ў гатовых запісах удзельнічалі Алег Гарбуз, Аляксандр Памідораў, Лявон Вольскі, Руся Shuma, Уладзімір Пугач, Мікіта Мелказёраў, Глеб Сямёнаў, Дзяніс Дудзінскі і Сяргей Бохан.
Зазірніце на старонку litaralna.com, каб акунуцца ў свет беларускай літаратуры. Таксама на сайце вы можаце падтрымаць праект.
Выявы на вокладцы: Freepik
Матэрыялы па тэме: