Палягчаем жыцце
беларусаў за мяжой

«Я ніколі не…» па-беларуску!

Беларуска стварыла папулярную па ўсім свеце настольную гульню на роднай мове
«Натхненнем для стварэння гульні былі сябры, любоў да Беларусі і вялікая ахвота зрабіць нешта, што я змагу патрымаць у руках ці паставіць на палічку і сказаць: гэта зрабіла я. Раней я займалася відэа, ладзіла івэнты і працавала менеджэркай: усё гэта, нажаль, не патрымаеш у руках» — распавядае аўтарка гульні, Ганна Шымановіч.
«Думаю як большасць беларусаў у эміграцыі, мы часта з сябрамі распавядалі адно аднаму, хто дзе быў у Беларусі, што любіў ці любіла рабіць. І апынулася, што нас усіх аб‘ядноўваюць нейкія рэчы, да якіх мы так прызвычаіліся ў Беларусі.

Так і нарадзілася гульня, таму што яна пра кожнага і кожную з нас. У нас ёсць наш код беларусаў, толькі мы ведаем, што за боль чуць «Белоруссия», толькі мы можам спрачацца наконт таго якая згушчонка смачней і ці патрэбна мука ў драніках. Мы ўнікальныя не толькі ў сваёй мове, культуры, але нават і ў такіх простых рэчах" - распавядае Ганна.

Ганна Шымановіч
Ганна з‘яўляецца толькі аўтаркай гульні, а ўсе бізнэсовыя пытанні (пошук тыпаграфіі, друк, рэклама і продаж) забрала на сябе выдавецтва Gutenberg Publisher. Аднак ёсць шмат ідэй, што можна было б выпусціць яшчэ і можа з гэтага ўжо народзіцца і ўласны бізнес.
«Я заўсёды працавала на сябе як індывідуальная прадпрымальніца, не толькі ў Беларусі, але і ў Лондане, дзе жыла некалькі гадоў. Пакуль Лондан лепшы з ўсіх варыянтаў, таму што юрыдычна пачаць сваю справу можна за пару гадзін анлайн, і вельмі лёгка зразумець як усё працуе, як плаціць падаткі і так далей. У Беларусі з гэтым было складаней, а над праграмай праз якую трэба было адпраўляць дэкларацыі я не аднойчы плакала» — дзеліцца болем з намі Ганна.
Правілы ў настолкі вельмі простыя. У вас ёсць калода з 110 картак з фактамі пра Беларусь. Кладзеце яе пасярод гульцоў, цягнеце карткі па чарзе і чытаеце, калі рабілі, тое што напісана, выпіваеце. Ці можна змяніць алкаголь на нейкае іншае «пакаранне», напрыклад, адцісканне.
Набыць з дастаўкай па ўсім свеце можна праз сайт выдавецтва.

У інстаграм-профілі гульні можна знайсці спіс крамаў з гульнёй у Вільні, Варшаве, Гданьску, Кракаве, Рызе і Менску.

А таксама ў Telegram можна дадаць сабе стыкеры з гульні — вось спасылка.
«Карткі прыдумлялі з сябрамі. Гэта калектыўная творчасць. Дарэчы чарнавы спіс гэтых картак складаўся з каля 500 фактаў. А ўжо фінальны спіс я адбірала сама. Я часта жартую, што гэта гульня пра тое, што люблю менавіта я. Ілюстрацыі да гульні рабіла цудоўная @danko_m_gallery. Яны ўсе аўтарскія і вельмі смешныя» — скончвае аповед Ганна.
Выявы ў артыкуле і на вокладцы — асабісты архіў гераіні, Instagram ya_nikoli_ne, Gutenberg Publisher
Матэрыялы па тэме: