Палягчаем жыцце
беларусаў за мяжой

«Беларускія стыкеры і адзенне — гэта такая кампенсацыя, спосаб перапрацоўцы тугі»

Стыкерпакі і мерч на беларускай мове
Lixtar паразмаўляў з Веранікай, якая разам з Дзімай стварыла краму «Мара», а таксама арганізуе і праводзіць сустрэчы, кінапрагляды для беларусак і беларусаў у Гданьску.
Ідэя
«Крама „Мара“ перажыла некалькі этапаў і натуральна змяняецца дагэтуль. Усё пачалося з упрыгожванняў, таму што я раблю іх для сябе, але летам 2023 вырашыла завесці акаўнт у інстаграм, каб паспрабаваць іх прадаваць» — распавядае Вераніка.
Ідэя з адзеннем была на паверхне, Вераніка і Дзіма самі адчувалі нейкі запыт на беларускі мерч. Першы прынт, які яны надрукавалі быў «Мая хата не з краю» беларускай лацінкай.

Вераніка распавяла, што хацела нешта класці ў падарунак да адзення, таму прапанавала зрабіць стыкерпак. Ну, а далей пра стыкеры напісалі некалькі выданняў і справа пачала рухацца ў гэты бок.

«Думаю, што беларускія стыкеры і адзенне — гэта такая кампенсацыя, спосаб перапрацоўцы тугі і дадатковы шлях заставацца ў беларускім полі, рабіць нешта для беларусак і беларусаў» — каментуе Вераніка.

Дзіма на асноўнай працы таксама робіць стыкеры, але для Telegram, таму загарэўся ідэяй зрабіць беларускія стыкеры, якія можна рэальна наляпіць, а не проста адправіць у паведамленні.
«Калі шчыра, першы стыкерпак я рабіў больш для сябе, адразу ўсё абляпіў. Ну і зараз таксама кожны раз чакаю і радуюся, калі забіраю толькі надрукаваныя новыя стыкеры з тыпаграфіі» — распавядае рэдакцыі Дзіма.
Рэалізацыя
Працэс стварэння стыкераў звычайны і незвычайны адначасова. Вераніка мае некалькі дакументаў у нататках на тэлефоне і літаральна ў любы момант можа нешта запісаць, каб ідэя «не ўляцела».

Так паралельна накідваюцца ідэі па розных тэмах, а калі іх накопліваецца шмат, то схематычна замалёўваюцца словы, прадметы і накіроўваюцца да Дзімы. А ён ужо малюе драфт, спрабуе знайсці цікавыя графічныя прыёмы і эксперыментуе. Канешне, Дзіма дадае нешта сваё. Далей трывае ўзгадненне па канцэпту і колерах, стыкеры дапрацоўваюцца і падрыхтоўваюцца да друку.

«Потым я займаюся камунікацыяй з падрадчыкамі, відэа, пастамі для інстаграм і тыкток, пошукам кропак для продажу стыкераў афлайн і г. д. Ну і канешне капаю новыя тэмы, бо часам гэта проста рэсёрч. Час, які сыходзіць на працу ад ідэі да надрукаванага стыкерпаку можа быць розным. У нас няма дэдлайнаў, але і ператрымаць ідэі не хочацца, бо быццам яны становяцца неактуальнымі» — распавядае Вераніка.
Прынты для адзення, гэта тыя ж малюнкі стыкераў, якія маюць больш актыўныя водгукі ад падпісчыкаў і падпісчыц. Калі нехта хоча малюнак са стыкера як прынт на майку ці худзі, то пішыце ў краму.
Складанасці
Галоўная складанасць працы крамы — пошук выхадаў да пакупнікоў і пакупніц. У крамы няма афлайн кропкі, але ёсць дамоўленасці аб продажах стыкерпакаў у беларускіх прасторах у Вільнюсе, Познані і Кракаве, у кавярнях у Варшаве, Гданьску і Сопаце.
«Самае прыемнае — гэта беларускія фэсты. Там заўсёды добрыя продажы ў дадатак да новых знаёмстваў і мегаатмасферы. Але яны, як Дзень народзінаў, які чакаеш цэлы год» — каментуе Вераніка.
Планы
Крама плануе шукаць новыя фарматы, матэрыялы і эксперыментаваць. Зараз Вераніка і Дзіма зрабілі галаграфічныя скетчбукі малым накладам. Пакуль іх можна набыць толькі ў Вільні ў беларускай прасторы. Ёсць планы рабіць больш тэматычных пакаў з налепкамі, каб кожны і кожная нашлі нешта для сябе. Зараз ідзе праца над «вясковым» пакам.
«Таксама працуем на новымі прынтамі для адзення, але ўсё ж не хочацца рабіць толькі мерч, хочацца імкнуцца да большага. Зараз у пошуку балансу паміж запытам і ўласным жаданнем. Таксама мы адкрыты да супрацы з іншымі праектамі і пляцоўкамі ў розных гарадах. Калі ласка, пішыце нам!" — дзеліцца Вераніка.
Інсайды працы
Цікава тое, што шмат хто не лепіць стыкеры, а літаральна зберагае іх на будучыню. Вераніка таксама так рабіла ў дзяцінстве з налепкамі «Кароль Леў», таму ёй такое стаўленне прыемнае. Падобная гісторыя была на беларускім маркеце: прыйшлі дзяўчыны, Дзіма прапанаваў паглядзець стыкеры, а адна з іх кажа, што ўжо мае і паказвае свой тэлефон. А там пад чахлом стыкеры, выразаныя нажніцамі.
Яшчэ было некалькі вялікіх замоў па 10 стыкерпакаў для сяброў ці калег і калежанак, якія замаўляюць разам: «Часамі потым пісалі паведамленне, што перадалі налепкі ў Беларусь».

Стыкеры набываюць у падарунак для замежнікаў (нават у Мексіку!). Цікава, што іх час ад часу купляюць палякі і полькі. Нават потым адзначаюць крамку ў сторыс. Аднойчы стыкеры набыў польскі музыка, наляпіў на бубен.
«Насамрэч, цікавых гісторый досыць. Я вяду тыкток і аднойчы пад фота худзі з анімэ-беларусачкай падпісчык напісаў, што бачыў гэты малюнак на сайце pixmap.fun. Як высветлілася, каля 10 чалавек перамалёўвалі па пікселю дзяўчо з нашага малюнка!

Потым яе захоплівалі, замалёўвалі і „адразалі“ часткі цела. Некалькі тыдняў таму ў тыктоку мне напісаў афіцыйны канал беларускай каманды pixmap.fun, што нашу анімэ-дзяўчынку бяруць пад пастаянную абарону. Карацей, арт пачаў жыць сваім жыццём!» — смяецца Вераніка.

Анімэ-беларусачка
Скрын з сайту pixmap. fun

Прынт і фатаздымак - рэферэнс жанчын з Давыд-Гарадку
Ёсць яшчэ адна цікавая гісторыя! Аднойчы дзяўчына запытала пра друк малюнка са стыкеру на цішотцы. Вераніка з Дзімай усё зрабілі, адправілі.

Потым вырашылі прасоўваць такі прынт у інсце. Вераніка напісала пост пра гісторыю фота, з якога рабіўся калаж, што гэта фота жанчын з Давыд-Гарадку. І ёй напісала тая дзяўчына, што ўся сям’я яе мужа з Давыд-Гарадку.

Яны патэлефанавалі сваякам і цётка яшчэ памятае жанчын у такіх намётках — «галавачах». Ну не цуд?
Азнаёміцца з крамай і зрабіць замову можна праз інстаграм.
Выявы на вокладцы і ў артыкуле: MARA
Матэрыялы па тэме: